Як стварыць горад для ўсіх?

Калі вы архітэктар, прафесіянал у галіне гарадскога планавання, антраполаг, палітык ці проста чалавек, які зацікаўлены ў развіцці свайго горада і паляпшэнні якасці жыцця, – то прапануем вашай увазе кнігу-дапаможнік з рашэннямі па ўласканаленні гарадской прасторы без значных выдаткаў.

Як сведчаць дэмаграфічныя дадзеныя, актыўныя грамадзяне складаюць толькі палову насельніцтва Беларусі. Другая палова – гэта дзеці, моладзь да 18 гадоў і сталыя людзі. Розныя людзі маюць розныя патрэбы ў сацыяльнай актыўнасці, але відавочна, што кожны гараджанін мае права на дасяжны асяродак і доступ да публічных прастораў для рэалізацыі сваіх інтарэсаў у стасунках і адпачынку.

Кніга «Як стварыць горад для ўсіх?» прапануе 8 простых і цікавых гісторый пра людзей розных сацыяльных груп. Архітэктары Эрык і Сафія распавядуць вам гісторыі дзяўчынкі, бацькоў, сталай жанчыны, сямейнай пары, дзяцей і звычайных гараджан, якія карыстаюцца грамадскімі прасторамі горада. З іх дапамогай мы ўспомнім штодзённыя сітуацыі, калі дызайн па змоўчанні можа ствараць значныя перашкоды.

Пераклад на беларускую мову быў здзейснены Мінскай урбаністычнай платформай. Спампаваць кнігу ў фармаце PDF можна па спасылцы.

Крыніца: urbanist.by, realt.by