Добры сусед: Як супрацоўнічаць з мясцовымі ўладамі

Госцем і экспертам чарговай сустрэчы ў межах праекта “Добры сусед” стаў Антон Матолька – фатограф, блогер і грамадскі актывіст, які вырашае гарадскія лакальныя праблемы і распавядае іншым, як можна дамагчыся вынікаў самастойна.

Некалькі парадаў ад Антона Матолькі:

• Варта стварыць чат дома ў адным з месенджераў. Тут можна інфармаваць суседзяў пра адключэнне вады, прарыве каналізацыі, пра тое, што ў двары рубяць дрэвы ці, наадварот, высаджваюць кусты. Тут жа можна абмяркоўваць і агульныя для супольнасці праблемы.

• Да таго, як пачаць вырашаць якія-небудзь праблемы ў сваім двары або пад’ездзе, патрэбна даведацца, што пра гэта мяркуюць суседзі. Толькі так у вас атрымаецца займець іх падтрымку, а не сустрэць абурэнне ў адказ на, здавалася б, станоўчыя памкненні.

• Для вырашэння лакальнай праблемы неабходна камунікаваць з мясцовымі ўладамі: прадстаўнікамі выканкама ці ЖЭСа. Калі ёсць асабісты кантакт з кімсці з супрацоўнікаў – абавязкова яго трэба выкарыстоўваць. Вельмі важна старацца захоўваць пазітыўныя адносіны нават пры вырашэнні праблемных сітуацый.

• Калі не атрымалася вырашыць праблему пад час асабістай размовы – варта паспрабаваць перайсці да электронных зваротаў, напрыклад, на сайце Petitions.by або Zvarot.by. Электронныя звароты – гэта дзейсны інструмент не толькі для ўрэгулявання лакальных праблем, але і для забеспячэння якаснай працы тых, хто павінен іх вырашаць.

• Важна памятаць, што калі зварот калектыўны (больш за 30 подпісаў), то па законе на месца павінна выехаць камісія для ацэнкі сітуацыі і вырашэння пытання.

• Неабходна зрабіць кароткае і выразнае апісанне праблемы ў сацыяльных сетках. Такая публікацыя можа прыцягнуць увагу розных людзей: тых, хто адказны за вырашэнне сітуацыі, а таксама тых, кто сутыкаўся з такой самай праблемай. Акрамя таго, рэзанансная публікацыя ў сацсетках – гэта адзін з метадаў прыцягнуць увагу СМІ.

Яшчэ больш парадаў ад Антона Матолькі па спасылцы.

Праект “Добры сусед” – гэта серыя майстар-класаў, якія даюць магчымасць актывістам мясцовых супольнасцей абмяняцца досведам і палепшыць жыццё сваіх двароў, пад’ездаў і вёсак. Праект рэалізуецца “Офісам еўрапейскай экспертызы і камунікацый” (Мінск).

Сачыце за навінамі праекта «Добры сусед» на сайце ОЕЭК і старонцы Facebook