Зрабіць Магілёў лепшым. Шэсць ідэй ад гараджан

Начныя экскурсіі, графіці з беларускім арнаментам, крэатыўнае месца для адпачынку – вось чаго не хапае Магілёву на думку выпускнікоў школы гарадскіх ініцыятыў “Цяпліца”.

Цягам 5 месяцаў гараджане наведвалі заняткі ў школе гарадскога актывізму на базе Цэнтру гарадскіх ініцыятыў, каб навучыцца ператвараць свае ідэі ў паўнавартасныя праекты і самастойна рэалізоўваць іх на карысць роднага гораду. Вынікі гэтага навучання падсумавалі на выпускным вечары школы.

1. Начныя экскурсіі
Ноччу ў горадзе ўсё зачынена, пайсці няма куды, але не ўсе людзі спяць. Некаторыя з задавальненнем пойдуць гуляць у цемры, каб пабачыць горад з другога боку. Начныя экскурсіі для Магілёва – новы спосаб бавіць час.

2. Стыкеры “Магілёў” для Telegram
Выпускнікі “Цяпліцы” збіраюцца ствараць стыкеры гораду для мабільнага мэседжэра Telegram. Іх мэта – папулярызацыя гораду. У выніку павінна атрымацца калекцыя з 15 стыкераў-эмоцыяў, якія адпавядаюць рознаму настрою. Для выяваў будуць выкарыстаны знакамітыя месцы і будынкі гораду.

3. Арт-аб’ект “Кніжная шафа”
У грамадскіх месцах Магілёва плануецца стварыць зоны адпачынку для аматараў чытання. Галоўны аб’ект – шафа з паліцамі для кніг мае быць усталявана акурат на вуліцы, каб кожны мог прынесці туды сваю кнігу і ўзяць іншую ўзамен. Побач з шафай плануецца ўсталяваць два стула і стол.

4. Графіці з арнаментам
Праект “Арнамент City” прадугледжвае стварэнне арт-аб’екта на вулічных ступенях. Каб пафарбаваць гарадскую прастору, выпускнікі школы вырашылі нанесці на ступені элементы беларускага арнаменту. Яны лічаць, што ў горадзе амаль адсутнічае нацыянальны каларыт, а таксама веды людзей пра яго.

5. Візуальныя лекцыі пра арнамент
Праект “Арнамент Style” звязаны з папярэднім. У фармаце адкрытай лекцыі людзі атрымаюць веды пра нацыянальны арнамент. Усяго запланаваны тры візуальныя лекцыі, на якіх гараджане пазнаёмяцца з гісторыяў узнікнення і выкарыстання беларускага арнаменту, а таксама дапамогуць самастойна намаляваць некаторыя сімвалы.

6. Парклет
«Парклет laukastory» – гэта не проста лаўка, а цэлая зона адпачынку ў Магілёве. З дрэва будзе створана канструкцыя для адпачынку. Яе ўсталююць у новым парку “Падміколле” на беразе Дняпра. Аўтары ідэі выбралі малапрыкметнае месца ў горадзе, каб ажывіць яго і прыцягнуць увагу для месца. Для размалёўкі дэталяў парклета запросяць дзяцей з прытулкаў.

Крыніца: Белсат