Як ператварыць бібліятэку ў грамадскую прастору

У 2017 годзе грамадзянскі Фонд “Гарадскія ініцыятывы” (Бішкек, Кыргызстан), які ладзіць даследаванні гарадскога асяроддзя, семінары і абмеркаванні на тэмы гарадскога развіцця, а таксама дапамагае гараджанам і гарадской адміністрацыі ажыццяўляць ідэі па змяненні гораду, распачаў буйны праект па пераўтварэнню гарадскіх бібліятэк. Ідэя праекту – стварэнне кам’юніці-цэнтраў, на базе бібліятэк, дзе праходзілі б імпрэзы, накіраваныя на ўсе ўзроставыя групы грамадзян. Каманда Фонду хацела паказаць, што бібліятэка можа быць вельмі цікавай сацыяльнай і функцыяльнай прасторай.

Як і навошта вывучалі бібліятэкі Бішкеку

Важна разумець, што раённыя бібліятэкі маюць сваю пэўную функцыю, бо маленькія бібліятэкі “побач з домам” калісьці задумваліся наўпрост для папулярызацыі чытання, літаратуры. Таму ўрбаністам было вельмі цікава, ці ходзіць хто-небудзь туды зараз, які стан маюць гэтыя месцы, і г.д.

Працэс збору дадзеных апынуўся не такім простым і хуткім, як гэта ўяўлялася напачатку. Кожны дзень актывісты назіралі за тым, хто праходзіць, навошта і чаму. Як да наведвальнікаў ставяцца бібліятэкары, як паміж імі адбываецца дыялог. У геаграфію даследавання ўваходзіла 28 гарадскіх бібліятэк, і ў кожнай з іх апытваліся мінімум 25 чытачоў і 12 жыхароў раёну, якія жывуць у радыусе 1 км ад бібліятэкі. Таксама хлопцы і дзяўчаты збіралі картаграфічныя дадзеныя і назіранні – адзначалі на мапе грамадзянскія прасторы, крамы і іншае. Падчас даследавання было апытана больш за 1,000 чалавек і адзначана на мапе каля 2,000 розных кропак.

Інфармацыя, якая была сабрана, дазволіла зрабіць некаторыя цікавыя высновы і назіранні:

• Шмат якім бібліятэкам патрабавалася пераабсталяванне, асабліва ў перыферыйных раёнах.

• Часцей за ўсё станоўчыя водгукі былі пра бібліятэкі, якія малі найгоршыя ўмовы. Здавалася б, няма крэслаў або нават ацяплення, але працу бібліятэкараў людзі ацэньваюць вельмі добра.

• Дзве траціны наведвальнікаў бібліятэк – гэта, пераважна, школьнікі, студэнты і пенсіянеры. Маладым наведвальнікам у бібліятэках не хапае Інтэрнету, ім цікавы розныя дадатковыя адукацыйныя рэсурсы і трэнінгі ў бібліятэках; сталым людзям – сустрэчы і стасункі.

Што было зроблена

Была праведзена вялікая праца з бібліятэкарамі, і былі моманты, калі было патрэбная іх у чымсьці пераконваць. У прыватнасці, у адносінах адкрытасці кніжнага фонду. Бібліятэкары нясуць адказнасць за яго захаванасць, таму хвалююцца, што нехта можа наўпрост прыйсці і забраць кнігу.

Другое дасягненне – праца з прасторай. Усё было застаўлена стэлажамі з кнігамі, якія там пыліліся. Наведвальнік нават не мог прайсці і штосьці паглядзець, таму што ўсё было цёмным, непрыязным і зачыненым. Да таго ж, частай была сітуацыя, калі ёсць некалькі аднолькавых экзэмпляраў, якія стаяць побач. Урбаністы параілі перадаць кнігі, якія дубляваліся, у сховішча, што дазволіла вызваліць такім чынам пэўнае месца і зрабіць прастору больш адкрытай і дасяжнай.

Таксама падчас праекту некаторыя гарадскія бібліятэкі змянілі графік працы. Калі раней яны працавалі з восьмай раніцы да пяці вечара, то зараз – з восьмай раніца да васьмі гадзін вечара, што дазволіла прыцягнуць людзей, якія вызваліліся пасля працоўнага дня.

Новая мэбля была спраектавана такім чынам, каб прастора была максімальна адкрытай і прыязнай да чытачоў, т.б. было неабходна, каб мэбля была шматфункцыянальнай і мабільнай.

Таксама раней бібліятэкі былі загрувашчаныя стэлажамі і кнігамі, і дасяжных чытачам кропак электрасілкавання было мала. Кіруючыся парадамі ўрбаністаў, у бібліятэках павялічылі колькасць разетак, каб чытачы маглі працаваць за сваімі ноўтбукамі і часцей наведваць бібліятэку.

Чаму гэта важна

У шматлікіх еўрапейскіх гарадах бібліятэкі нясуць важную сацыяльную функцыю, там дзейнічаюць моўныя курсы, курсы адаптацыі для мігрантаў, беспрацоўных, праграмы для дзяцей. І гэта часта залежыць ад раёна. Для бішкекскіх навабудаў, напрыклад, тыпічная сітуацыя, калі мужчыны днём на працы, а жанчыны – дома з дзецьмі. І калі мужчыны могуць дзесьці сабрацца і камунікаваць, то ў жанчын такой магчымасці няма. У бібліятэцы можна было б як раз працаваць з маладымі мамамі і хатнімі гаспадынямі. Сетка бібліятэк можа папоўніць недахоп дасяжных грамадзянскіх прастораў у горадзе.

Самым вялікім жаданнем урбаністаў было ўцягнуць жыхароў раёна ў працэс па пераўтварэнні бібліятэк. Бо частая праблема падобных прастораў – стварэнне кантэнту, як правіла, пра які дбаюць пэўныя людзі, якія ўсё прыдумляюць і арганізуюць – у выніку чаго з’яўляецца спажывецкае стаўленне з боку карыстальнікаў, – я прыходжу сюды, таму што тут цікава. Актывістам з “Гарадскіх ініцыятыў” было важна паказаць і даказаць, што гэтае месца належыць усім, і кожны жыхар раёна з’яўляецца саўладальнікам гэта бібліятэкі. Раней бібліятэка была скарбніцай ведаў, зараз, калі ўсё гэта ёсць у адкрытым доступе, такая неабходнасць знікае. Важна ўкараняць разуменне новай каштоўнасці бібліятэкі як прасторы, як месца, дзе збіраюцца цікавыя людзі, дзе людзі па інтарэсах знаёмяцца і ў іх з’ўляюцца новыя думкі і ініцыятывы.

Крыніца: enot.kg, enot.kg.