Як зрабіць горад прыгожым: Памятка для неабыякавых жыхароў

Як прыдумаць праект, знайсці аднадумцаў, узгадніць яго з уладамі і нават знайсці фінансаванне? Актывісты Цэнтру гарадскіх ініцыятыў (Магілёў) падагульнілі вопыт правядзення урбан-арт марафону ў простую памятку (на рускай мове), распавёўшы пра ўвесь няпросты шлях яго рэалізацыі ад ідэі да рэзультату.

«Praekt14» – менавіта так называўся марафон урбан-арту, які быў рэалізаваны ў адным з двароў у цэнтры Магілёва ў 2018 годзе. Цягам двух тыдняў 8 мастакоў працавалі над абнаўленнем тыповага гарадскога двара. Марафон адбываўся пад дэвізам “Створым стрыт-арт дворык разам!”. Гэтым праектам арганізатары хацелі паказаць пазітыўны прыклад рэалізацыі ініцыятывы жыхароў па стварэнні новай стрыт-арт прасторы.

Этап 1. Ініцыятыва

У аснове кожнага праекту знаходзіцца ідэя. Праект – гэта вашая ідэя пра тое, як вы збіраецеся вырашаць праблему. Праблема павінна быць сфармулявана вельмі ёмка і мець “разумныя межы”. Мэта праекту – гэта тыя станоўчыя змены, якія павінны адбыцца. Задачы праекту – гэта вашыя асноўныя дзеянні, якія дапамагаюць дасягнуць мэты.

Praekt14 меў намер ператварыць звычайны магілёўскі дворык у арт-прастору за 14 дзён. Канчатковы тэрмін – гэта найважнейшая прыкмета праекту, які заўсёды мае дату пачатку, дакладны расклад, а таксама дату сканчэння.

Прыклад: Гораду не хапае яркіх фарбаў, таму мы хочам размаляваць адзін з магілёўскіх двароў за 14 дзён.

Этап 2. Каманда аднадумцаў

Каб рэалізаваць ідэю, удасканаліць яе, прыцягнуць да яе ўвагу, нам патрэбны аднадумцы. І, на самай справе, такіх людзей болей, чым мы ўяўляем. Як іх знайсці?

Шукайце тых, хто падзяляе вашыя каштоўнасці, а таксама гатовы ўнесці свой унёсак у дасягненне мэты праекту. Галоўнае – не баяцца, і вы будзеце здзіўленыя, колькі выдатных людзей, гатовых вам дапамагчы, знаходзіцца вакол нас. Не бойцеся негатыву – добрых людзей усё адно больш! Але прыходзьце да іх заўсёды са зразумелымі прапановамі, тлумачце што, як і навошта вы хочаце зрабіць. Пад час працы над праектам вы – каманда, а не арганізацыя, гэта блытаць не патрэбна.

Прыклад: Пішам пост у сацыяльныя сеткі, просім усіх пра рэпост.

Прыклад: Пішам у Viber-чат дому.

Прыклад: Пішам зварот са сваімі кантактнымі дадзенымі і вешаем на дошкі для аб’яваў.

Прыклад: Ствараем старонку праекта ў сацыяльных сетках і распаўсюджваем у СМІ, ладзім апытанкі, прыцягваем увагу да праблемы.

Этап 3. Узгадненне з мясцовымі ўладамі

Фармулюем ідэю на паперы. Ідзём з ёй да кіраўніка (дырэктара) мясцовага ЖЭУ (ЖЭСу). Як правіла, там раяць, што патрэбна зрабіць далей: напісаць афіцыйны зварот (індывідуальны ці калектыўны) у адміністрацыю раёну гораду, або наўпрост напісаць зварот на імя кіраўніка ЖЭУ з просьбай аб дапамозе ў рэалізацыі ініцыятывы, або ўвогуле нічога не пісаць, а зрабіць усё сваімі сіламі 🙂

Усе вашыя дзеянні павінны быць у межах закону. Загадзя ўзгадніце ўсе нюансы. Абмяркуйце з кампетэнтнымі органамі магчымасць узгаднення элементаў вашага праекту, якія гэтага патрабуюць, для чаго схадзіце з чарнавіком праекту на прыём. Заўсёды дакладна і зразумела тлумачце мэту праекту і будзьце гатовыя адказаць на не вельмі афіцыйныя пытанні пра вашую асабістую матывацыю.

Прыклад: Мы хочам размаляваць фасады будынкаў па вуліцы Дзяржынскага, 4, упрыгожыць яе інсталяцыямі, высадзіць клумбы.

Мы пішам зварот на імя кіраўніка ЖЭУ і ідзём з гэтым зваротам да яго. Ён падтрымлівае ініцыятыву і прымае зварот, але кажа, што эскізы патрэбна ўзгадніць ва ўпраўленні архітэктуры і горадабудаўніцтва гарвыканкаму. Пішам зварот ва ўпраўленне архітэктуры і горадабудаўніцтва гарвыканкаму, далучаем да яго эскізы малюнкаў і просім узгадніць. Пасля адказу і ўзгаднення эскізаў, зноўку ідзём да кіраўніка ЖЭСу. Ён абяцае нам сваю падтрымку.

Этап 4. Пошук партнёраў. Фінансаванне

Для паспяховай рэалізацыі ідэі патрэбны рэсурсы. Памятайце, што грошы – гэта не адзіны магчымы рэсурс. Наўрад ці ў вас калі-небудзь будзе дастаткова сродкаў, каб купіць усё. Час, праца, чыйсьці асабісты аўтамабіль ці іншае абсталяванне – гэта таксама рэсурсы. Пры планаванні рэсурсаў імкніцеся ўлічваць максімум дэталяў. Чым больш дробязяў вы ўлічыце – тым менш неспадзяванак вас будзе чакаць. Уявіце, калі б у Praekt14 узнікла сітуацыя, калі валанцёры прыйшлі, ежа замоўлена, працуе аўтавышка, і прывезены фарбы, а мастакоў няма… Гэта будзе страчаны дзень і моцны ўдар па энтузіязме каманды! Не забудзьцеся таксама пра падсумаванне вынікаў і ўрачыстае адкрыццё 🙂

Прыклад: Для ўпрыгожвання двара і стварэння клумб патрэбны саджанцы, фарбы і дошкі. Для гэтага мы тэлефануем кампаніям, якія займаюцца фарбамі і будаўнічымі матэрыяламі, распавядаем пра праект і просім пра дабрачынную дапамогу. Узамен мы абяцаем падзяку ад жыхароў, згадкі ў сацыяльных сетках і публікацыях у СМІ. То бок, матэрыялы ўзамен на рэкламу. Робім пост у сацыяльныя сеткі з заклікам запамагчы фарбамі і матэрыяламі.

Прыклад: Распачынаем краудфандынгавую кампанію на спецыялізаваных платформах: ulej.by, talaka.org.

Прыклад: Збіраем грошы з жыхароў двара.

Этап 5. Пошук выканаўцаў

Важна знайсці тых, хто мае неабходныя кампетэнцыі. Praekt14 меў вялікую патрэбу ў прафесійных мастаках. Дарэчы, без дапамогі валанцёраў таксама нічога б не атрымалася. Шукайце прафесіяналаў, напрыклад, у спецыялізаваных суполках у сацыяльных сетках.

Прыклад: Для размалёўкі двара патрэбны мастакі. Звяртаемся ў мастацкія школы ці праглядаем паблікі ў сацыяльных сетках і шукаем арганізацыі ці асобных мастакоў, якія ўдзельнічалі ў падобных праектах. Робім пост у сацыяльныя сеткі з просьбай падзяліцца кантактамі мастакоў. Не забываемся таксама пытацца і раіцца з камандай – пэўна ў ёй шмат таленавітых людзей.

Этап 6. Рэалізацыя ініцыятывы

Папярэдне патрэбна даведацца пра пажаданні і заўвагі астатніх жыхароў. Напрыклад, правесці апытанне па кватэрах або праз чат дому, калі такі існуе. Потым патрэбна прызначыць час і дату. Запрашаем усіх выканаўцаў, усіх жыхароў і валанцёраў. Не забываем зрабіць пост у сацыяльных сетках з заклікам прыйсці і дапамагчы. Абавязкова запрашаем прадстаўнікоў СМІ і мясцовых уладаў. Няхай усе натхняюцца нашым пазітыўным прыкладам!

Крыніца: urbanistic.by, vmogileve.by