Як пабудаваць у сваім двары велагараж. Пакрокавая інструкцыя

Гараж абавязкова павінен мець дах, а сцены будынка лепш рабіць празрыстымі (з сеткі альбо кратаў), каб пазбегнуць “непрыемных графіці” і павялічыць колькасць натуральнага святла ўнутры. Да таго ж, канструкцыя, якая добра “праглядаецца”, успрымаецца карыстальнікамі як больш бяспечная.

Што датычыцца формы велагаража, то яна можа быць рознай. Тут ёсць магчымасць пафантазіраваць. У Мінску ёсць энтузіясты, якія не толькі распрацавалі свае праекты, але і гатовыя дзяліцца імі бясплатна, – распавядае старшыня праўлення Мінскага роварнага таварыства Павал Гарбуноў.

Якім можа быць велагараж?

– Велагараж можна будаваць па-рознаму, але ёсць праекты, якія ўжо рэалізаваныя і супадаюць як з уяўленнем раварыстаў, так і Камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама.

Канструкцыя велагаража можа абыйсціся без падмурку і ўвогуле без пакрыцця на падлозе. Галоўнае, каб унутры не стаяла вада. Для гэтага можна выкарыстоўваць вельмі простыя варыянты пакрыцця – пясочнае альбо шчэбневае. У гэтым выпадку, дарэчы, працэс узгаднення праекта з мясцовымі ўладамі будзе больш простым, бо ўсталяванне велагаража будзе лічыцца добраўпарадкаваннем, а не будаўніцтвам аб’екта. Калі ж дазваляюць сродкі, магчымы і больш дарагі варыянт – асфальтаванне, бетанаванне ці закладка тратуарнай пліткай, – але і працэс узгаднення таксама стане больш складаным.

З чаго пачаць?

Перш, чым пачынаць будаўніцтва велагаража ў двары свайго шматпавярховіка, неабходна знайсці аднадумцаў. Калі жыхары дома сябруюць паміж сабой, то зрабіць гэта будзе не так і складана. У некоторых дамоў ёсць свае групы ў сацыяльных сетках і месенджэрах, дзе таксама можна заклікаць уладальнікаў ровараў аб’яднацца.

З кім узгадняць?

Пасля таго, як каманда аднадумцаў сабрана, патрэбна падрыхтаваць план добраўпарадкавання двара з пазначэннем, дзе плануецца велагараж, а таксама зрабіць апісанне гэтай канструкцыі. Гэтыя два дакументы трэба ўзгадніць у архітэктара ў раённым выканкаме. План двара можна атрымаць у самім выканкаме.

Дзе паставіць велагараж?

– Лепш за ўсё “ўпісаць” велагараж у дзіцячую пляцоўку, – упэўнены Павал Гарбуноў. – На адну са сценак можна замацаваць дзіцячыя арэлі, а побач паставіць лавачкі ці гасцявую велапаркоўку.

Гараж можна таксама паставіць і на паркоўцы для аўтамабілей, але тады яго памер, хутчэй за ўсё, будзе меншы. Дарэчы, там, дзе паркуюцца тры аўтамабілі, можна змясціць каля 25 ровараў.

Даведка: Згодна з вынікамі апытання раварыстаў, якое было праведзена ў Мінску ў 2017 годзе, мінчукі маглі б карыстацца роварам часцей, калі б яго не трэба было кожны раз заносіць у кватэру. Таксама ўдзельнікі апытання адзначылі, што аптымальным месцам для захоўвання ровараў маглі б быць велагаражы ў дварах жылых дамоў.

Крыніца: zautra.by