Як сартаваць адкіды на вялікім фестывалі: Вопыт Freaky Summer Party і пакрокавая інструкцыя

Фестываль Freaky Summer Party (FSP) – імпрэза буйная: напрыклад, у 2017 годзе яго наведалі 17 тысяч чалавек. Пасля такога вялікага фестывалю застаецца шмат адкідаў, якія можна калі не скараціць, то хаця б правільна сартаваць. Што і паспрабавалі зрабіць арганізатары FSP, дзеля чаго звярнуліся ў Цэнтр экалагічных рашэнняў за дапамогай.

Кіраўніца грамадскага інфармацыйнага цэнтру па пытаннях хімічнай бяспекі і адкідаў Цэнтру экалагічных рашэнняў Наталля Блышчык:

– За час FSP мы “выратавалі” ад захавання на палігоне каля 70 кг макулатуры, 6 кубоў пластыку, паўкубы (гэта каля 100 кг) шкла. Гэта азначае, што нашмат меней смецця – па падліках, 20 кубоў змяшаных адкідаў – былі накіраваныя на сметніцу. У асноўным гэта быў аднаразовы посуд, які нельга перапрацаваць.

Як выявілася, арганізаваць збор адкідаў нашмат прасцей, чым можа падацца адразу, а карысць – велізарная. Таму, калі вы плануеце правесці буйное масавае мерапрыемства (фестываль, вулічнае свята, канцэрт або кірмаш), то вы як арганізатар можаце самастойна паклапаціцца пра тое, каб смецце не толькі не валялася па-за скрынямі, але і было рассартавана і перапрацавана.

Інструкцыя, як арганізаваць збор адкідаў

1. Ацаніце склад і колькасць адкідаў, якія могуць з’явіцца падчас і пасля мерапрыемства

І гэта залежыць ад фармату мерапрыемства. Калі “фішка” імпрэзы, як у выпадку з FSP ці папулярным зараз Гастрафэстам, – гэта ежа, хутчэй за ўсё, асноўныя адкіды – гэта пластык, шкло і змяшаныя. І кантэйнеры спатрэбяцца менавіта для іх.

– Як правіла, пад час такіх мерапрыемстваў і ў агульным пад час адпачынку і шпацыраў у людзей не ўтвараюцца папяровыя адкіды. Менавіта таму няма вялікай неабходнасці ставіць агульнадасяжныя кантэйнеры для макулатуры, – адзначае Наталля Блышчык. – А вось з кропкамі продажу ежы сітуацыя некалькі іншая: у іх звычайна картону вельмі шмат. Таму арганізатары павінны загадзя папрасіць гандляроў не выкідваць паперу і картон у змяшаныя адкіды, а збіраць асобна.

2. Замоўце кантэйнеры для асобнага збору смецця і вывазу адкідаў

Ёсць кампаніі, якія гатовыя прадставіць на пэўны час свае кантэйнеры для адкідаў, яны ж арганізуюць асобны (!) збор і выпраўляюць іх на перапрацоўку. Безумоўна, гэта платная паслуга, аднак умовы ў розных кампаній таксама розныя, заўсёды можна падабраць той варыянт, які найбольш выгадны для арганізатараў.

Адно дакладна вядома: вываз сартаванага смецця каштуе танней, чым вываз несартаваных адкідаў. Так што раздзяляць – гэта яшчэ і эканамічна выгадна!

3. Расстаўляйце кантэйнеры з розумам

Кантэйнеры павінны стаяць так, каб карыстацца імі было зручна. У лёгкадасяжных, прыкметных месцах. Лепш за ўсё ставіць кантэйнеры для другаснай сыравіны побач з кантэйнерымі для змяшаных адкідаў. Калі побач з кантэйнерам для пластыку і шкла не будзе скрыні для астатніх адкідаў, туды будуць кідаць іншае смецце, і наадварот. Акрамя таго, у госця заўсёды будзе магчымасць падумаць і зрабіць асэнсаваны выбар, і шанец на тое, што бутэлька трапіць у патрэбны кантэйнер, будзе вышэйшы. Лепш ставіць кантэйнеры вялікага памеру, яны павольней запаўняюцца і рэдка перапаўняюцца нават без кантролю.

4. Арганізуйце каманду памочнікаў

Без валанцёраў ці спецыяльна нанятых памочнікаў не абысціся. Прынамсі, пакуль. Гасцям імпрэзы, хутчэй за ўсё, спатрэбіцца дапамога і падказка, што ў які кантэйнер кідаць. Акрамя таго, у людзей заўсёды ёсць дадатковыя пытанні, на які важна адказаць. Дапамога валанцёраў вельмі карысная: з аднаго боку, гэта адукацыйна-асветніцкая праца, з другога – “чысціня” адкідаў у кантэйнеры. Пажадана, каб “памочнікаў” можна было лёгка заўважыць у натоўпе (адзенне, значкі і г.д.)

5. Паспрабуйце мінімізаваць колькасць адкідаў у агульным

Гэта таксама магчыма, асабліва на мерапрыемствах невялікага маштабу. Напрыклад, можна прапанаваць гандлярам ежы максімальна выкарыстоўваць шматразовы посуд, так гэта часта робяць на еўрапейскіх фестывалях. На прыклад, разам з гарачымі напоямі госцю там прапаноўваюць “набыць” кубак, то бок дадаюць да цаны напою дадатковыя адзін-два еўра. Гэта залог, які аддаюць кліенту пасля вяртання кубку. Яшчэ варыянт – наліваць напоі ў кубкі наведвальнікаў, як гэта прапануе рабіць ініцыятыва “My cup, please!”. У межах “азелянення” уласнага бізнесу кропкі з ежай могуць прапаноўваць нават самыя невялікі зніжкі для гасцей з сваім посудам.

Акрамя таго, зараз і ў Беларусі з’яляюцца сервісы, якія могуць пазычыць шматразовыя рэчы. Напрыклад, сервіс “Зялёная шафа” прадставіць шматразовыя рэчы для правядзення мерапрыемстаў (для некамерцыйных ініцыятыў бясплатна, для камерцыйных – за невялікую аплату).

Крыніца: ecoidea.by