Саша Аўдзевіч: Як зрабіць горад інклюзіўным

Саша Аўдзевіч – няўрымслівы актывіст з Ліды. У 2011 годзе ён трапіў у аварыю і быў вымушаны перасесці ў вазок. Цяпер яму 33, і ўжо некалькі гадоў ён займаецца тым, што робіць Ліду і Мінск інклюзіўнымі гарадамі.

Ліда – маленькі горад, і яго значна прасцей зрабіць інклюзіўным, чым той жа Мінск. Гэта можа нават стаць брэндам. У Лідзе за апошнія пару гадоў адкрылася некалькі класных кавярняў. Барыста (бармен, які спецыялізуецца на гатаванні кавы) – інклюзіўная прафесія, пытанне толькі ў вышыні кавамашыны і зручнасці пад’езду да яе. Саша прыдумаў праект «Інклюзіўны барыста», дзякуючы якому цяпер людзі з інваліднасцю могуць працаваць і рабіць каву для наведвальнікаў.

Інклюзіўны пляж у Лідзе – гэта вынік Сашынай перамогі ў шоу «Горад» у 2017 годзе. Ініцыятыва была ў тым, што пляж ля возера павінен быць даступным для людзей з інваліднасцю. Бонусам лідчане даведаліся слова «інклюзіўны». Больш падрабязна пра інклюзіўны пляж у Лідзе можна пачытаць на сайце Zmena.city

Дырэкцыя лідскага кінатэатра «Юбілейны» лёгка пайшла на дыялог. Там педантычна ставяцца да інклюзіўнасці, і Саша амаль не прымаў удзел у добраўпарадкаванні. Цяпер там ёсць і пандус, і прыбіральня для людзей з інваліднасцю. А яшчэ туды бясплатны ўваход для вазочнікаў і людзей, якія іх суправаджаюць.

8 парадаў вазочнікам ад Сашы Аўдзевіча

1. Добраўпарадкаванне тэрыторыі пачынаецца з камунікацыі з дырэкцыяй. Хочаш зрабіць якую-небудзь установу даступнай для сябе – шукай тэлефон або пошту кіраўніцтва, асабліва калі гэта дзяржаўная ўстанова. А з прыватнымі кампаніямі нават у фэйсбуку можна вырашыць пытанне.

2. Візіт вазочніка выклікае здзіўленне: рэдкія ўладальнікі ўстановаў размаўлялі з імі. І калі ты прыедзеш да іх і штосьці прапануеш, ім ужо цікава. Хутчэй за ўсё, табе дапамогуць.

3. Памятай: дырэктары і начальнікі – такія ж людзі, як ты. Заўтра на іх месца могуць прыйсці іншыя людзі, таму не бойся размаўляць.

4. Стаянку для людзей з інваліднасцю зрабіць прасцей за ўсё: дастаткова даведацца, каму належыць зямля, і пагутарыць з гэтым чалавекам. З пандусамі – тое ж самае. Калі ў цябе не атрымліваецца – магчыма, трэба развіваць дыпламатычныя навыкі.

5. Калі хочаш зрабіць спецыяльны пад’ёмнік у сваім доме, прасцей узяць ільготны крэдыт у банку і наняць майстроў, чым выпрошваць дапамогу ў дзяржавы. Гэта даволі дарагі працэс, і раённыя адміністрацыі не могуць вылучыць са свайго бюджэту суму на добраўпарадкаванне ўсіх дамоў, дзе жывуць вазочнікі.

6. Калі ты раптам атрымаеш інваліднасць, дзяржава абавязаная даць табе вазок тэрмінам на 5 гадоў. І кожную пяцігодку павінна абнаўляць яго. І калі ты адразу не задумаешся над тым, які менавіта вазок табе патрэбны, то табе могуць даць поўнае лайно, з якім ты не зможаш даць рады. І тады прыйдзецца набываць вазок за свае грошы.

7. Штогод РАІВ ладзіць бясплатны лагер, падчас якога мы расказваем, як вазочнікам сачыць за сабой і наогул вучыцца жыць наноў. Рэкамендую не саромецца і аднойчы пабываць там.

8. Псіхалагічна цяжка перажыць сваю траўму. Але трэба зразумець, што прывабнасць заключаецца ў годнасці, а не абалонцы. Калі ты дробны, табе хочацца пераймаць якога-небудзь Рэмба. А калі ты дробны і ў вазку, то ў цябе такіх узораў няма, таму што пра такіх людзей не здымаюць кіно. Гэта вялікі пралом у мастацтве і інфармацыйным полі. Толькі нядаўна такі характэрны герой з’явіўся ў мультсерыяле «Грыфіны».

Крыніца: 34mag.net