Актывісцкія краўд-праекты: гісторыі поспехаў

Калі ў цябе гараць вочы і ты жадаеш змяніць свет да лепшага, але ў кішэні пуста, то ўзгадай пра краўдфандынг– калектыўнае фінансаванне праектаў і ініцыятываў. Як выкарыстоўваць краўдфандынг на карысць свайго праекта? 34mag.net сабралі гісторыі паспяховых праектаў на краўд-платформах і парады ад аўтараў праектаў.

Майстар-класы малявання на вадзе для людзей з абмежаванымі магчымасцямі Я прыеду

Эльвіра Каралёва і маленькі мастак

Гэты праект выспеў з маленькай прыватнай гісторыі мастацтвазнаўцы і журналісткі Эльвіры Каралёвай. Яна пазнаёмілася з Дзімам Фраловым, які з інваліднасцю навучыўся вытанчана і незвычайна маляваць. Эльвіра зразумела, што прыватныя майстар-класы – сапраўднае свята для кожнага чалавека ў вазку, якому фізічна складана часта выходзіць з дому і стасавацца з людзьмі наўпрост.

Праект сабраў 100% неабходных сродкаў, а ў яго аўтаркі такім чынам з’явілася магчымасць правесці ў бліжэйшыя месяцы каля 100 заняткаў па маляванні ў тэхніцы Эбру, а потым яшчэ і зрабіць выставу. Слоган-назва «А ты прыедзеш?» цяпер мае толькі адзін адказ ад Эльвіры: «Так, я прыеду!»

Эльвіра Каралёва, аўтарка праекта:

– Пасля маіх анлайн-знаёмстваў з маладымі і вельмі актыўнымі і пазітыўнымі хлопцамі з ДЦП, прыйшла ўпэўненасць: трэба нешта рабіць. У той час я трапіла на навучальны курс «Развіццё жаночага прадпрымальніцтва з сацыяльным акцэнтам», дзе мяне і наштурхнулі на ідэю краўдфандынгу.

Хоць мой праект стаўся паспяховым, краўдфандынг – гэта не так лёгка, як можа падавацца. Трэба адказна падысці да структураванага выкладання сутнасці праекта, яго грамадскай карысці, плана прасоўвання ў медыя. Гэта выдатная праверка: не здолеў захапіць, заахвоціць людзей – дык можа, не такая ўжо і класная ідэя ў цябе, можа, не сфармуляваў яе дакладна, няправільна распавёў.

Шыльды з правіламі прыборкі пры выгуле жывёл OkiDog

okidog

Аўтары праекта кажуць, што Менск падаецца чыстым, калі не заходзіць у глыбіню дворыкаў, спальных раёнаў ды паркаў. Слоган праекта – «ваш сабака не можа прыбраць за сабой» – абсалютная праўда, бо часта ўладальнікам жывёлінак бракуе культуры прыборкі.

Межавымі поінтамі праекта сталі ўсталяванне шыльдачак з правіламі паводзінаў і прыборкі пры выгуле жывёл у папулярных для гэтага месцах, пасля – усталёўка спецыяльных сметніц для «сабачых спраў» і прамая раздача пакецікаў для ўсіх, хто выгульвае жывёлаў. Проста і зразумела, але колькі карысці! Глядзіш – хутка і мы ўвесну зможам без асцярог паваляцца на газоне ў парку Перамогі.

Ганна Цішкевіч, удзельніца каманды праекта:

– Ідэя для краўдфандынгу была сацыяльна-скіраванай, але ў нас не было грошай на рэалізацыю. Збор сродкаў быў нервовым. Так склалася, што ў ініцыятыўную групу праекта ўваходзілі ў асноўным рэкламшчыкі ды маркетолагі.

Мы вырашылі рабіць сметніцы на тэрыторыі «Новай Баравой» і шыльдачкі для шпацыраў. Для таго, каб праект атрымаўся, асаблівых сакрэтаў няма: каманда, энергічнасць і нястомнасць кожнага з яе ўдзельнікаў, сапраўднае захапленне ідэяй. А таксама правільнае размеркаванне абавязкаў у камандзе, адказнасць і гатоўнасць шмат працаваць.

Больш гісторый даступна па спасылцы 34mag.net