У Гомелі бацькі самі залілі коўзанку для дзяцей у двары

У гомельскім мікрараёне “Шведская горка” з’явілася новая лядовая пляцоўка. Стварылі яе мясцовыя жыхары. Лядовую арэну пад адкрытым небам прыкладна 25 на 15 метраў залілі на радасць мясцовай дзетвары некалькі неабыякавых суседзяў. Самі!

Ідэя стварэння хакейнай пляцоўкі належыць жыхару мікрарайна Андрэю Анашкіну, які на пачатку спрабаваў зрабіць гэта адзін, сваімі сіламі. Але самастойна зрабіць гэта было цяжка: патрэбна было надта вялікая колькасць вады і моцны напор.

Намаганні Андрэя не засталіся незаўважанымі. Ідэю падтрымаў Антон Піскуноў, які таксама жыве ў гэты двары. Сам ён у дзяцінстве не раз заліваў з сябрамі пляцоўку, каб паганяць у хакей. Антон напісаў пост у групу мікрараёна і прапанаваў іншым бацькам паўдзельнічаць у падрыхтоўцы месца для пляцоўкі — і людзі адгукнуліся.

— Я бачыў, як хлопчыкі збіраліся ў двары і ганялі шайбу па ўтрамбаванаму снегу, без канькоў, канечне. Рана ці позна яны б пайшлі на вадаём — наш раён акружаны рэкамі і азёрамі, а лёд зараз такі тонкі, што недалёка да бяды, — кажа Антон.

Рабіць пляцоўку вырашылі па ўсіх правілах: звярнуліся ў ЖЭУ, на балансе якога знаходзіцца тэрыторыя, дзе планавалася зрабіць пляцоўку, за дазволам, а таксама папрасілі доступ да пажарных гідрантаў у “Вадазбыта”. Там у дапамозе не адказалі.

На тое, каб заліць пляцоўку, спатрэбілася пяць дзён. Падрыхтавалі яе, утрамбавалі снег, зрабілі борцікі. Каб лёд быў больш трывалы, залівалі слаямі.

Колькі было патрачана вады, палічаць у “Вадазбыце” і скажуць жыхарам кошт. Які б ён ні быў, кажа Піскуноў, яны раскінуць на ўсіх і заплацяць. Таму што здароўе і радасць дзяцей, кажуць бацькі, не вымяраецца ні кубамі вады, ні рублямі.

Такая сумесная ініцыятыва не толькі пазнаёміла і згуртавала жыхароў паміж сабой, але і дапамагла арганізаваць здаровы і вясёлы вольны час для дзяцей і дарослых.

Крыніца: gomel.today, TUT.BY
Фота: TUT.BY