Як на Віцебшчыне мясцовыя самі робяць са старой вёскі месца, дзе ім добра

У вёсцы Княжыцы Верхнедзвінскага раёну – чатыры вуліцы, каля 40 хат і прыкладна столькі ж жыхароў. Большасць з іх – дачнікі, а карэнныя жыхары – амаль усе ўжо пенсіянеры. У вёсцы зачынілі ўсё, што толькі можна: школу, клуб, бібліятэку, краму. Але – парадокс! – жыццё тут не спынілася. Людзі самі прыдумляюць і ладзяць такія святы, што можа пазайздросціць любы Дом культуры. Вядуць суполку вёскі ў сацыяльнай сетцы, куды змяшчаюць інфармацыю пра падзеі. А яшчэ, не чакаючы загадаў зверху, па сваёй ініцыятыве, збіраюцца на суботнікі: аднавілі мясцовы клуб, акультурылі могілкі, адрамантавалі дарогу.

Крыху гісторыі

Да рэвалюцыі ў Княжыцах знаходзілася частка маёнтку, які належаў памешчыку Міхаілу Беніслаўскаму. Сам ён жыў у Санкт-Пецярбурзе, дзе працаваў генконсулам Даніі і быў дэпутатам Дзярждумы ад Віцебскай губерніі. Справамі маёнтку ў Княжыцах распараджаўся мясцовы кіраўнік. Гаспадарка была дабротная: парк каля сядзібы, саджалкі з рыбай, сады, свірны, вінныя скляпы, цагельня, і г.д. Што здарылася з Міхаілам Беніслаўскім пасля рэвалюцыі – невядома.

Хату ў Княжыцах, дзе жыў кіраўнік маёнтку, новая ўлада знішчыла. Сталі прыходзіць у заняпад і ўсе гаспадарчыя пабудовы, якія належалі памешчыку. Зараз ад колішняга хараства засталіся толькі закінуты парк, саджалка пасярод вёскі ды разваліны колішніх кузні і вінных скляпоў.

У вайну ў Верхнедзінскім раёне немцы ладзілі карную аперацыю – і амаль усе Княжыцы згарэлі. Аднак у пасляваенны час змаглі адрадзіцца. У савецкія часы ў вёсцы было 75 дамоў. Па пашу ганялі вялікі статак – не менш за 100 кароў, таму што шмат гаспадароў трымалі і па дзве каровы. У клубе заўсёды было шматлюдна: танцы, канцэрты, кіно. А потым вёска пачала паміраць. Моладзь стала з’язджаць: хто ў гарады, хто – у цэнтр гаспадаркі, у Антонава. У Княжыцах засталіся толькі старыя.

Хто і як адраджае вёску

Мясціны тут прыгожыя: маляўнічая рака Дрыса, у лесе шмат грыбоў і ягад. Вось людзі і сталі купляць хаты пад лецішчы. Вярнуліся на радзіму з гарадоў і некаторыя мясцовыя. І зараз адметная асаблівасць Княжыц у тым, што тут няма закінутых хат. Хіба што адна – і то толькі таму, што за яе просяць занадта вялікую цану.

На пры канцы 1990-х тут купіла лецішча нараджэнка Гродзенскай вобласці Валянціна Аўсянкіна – цяперашняя старэйшына вёскі. Актывістка з’яднала вакол сябе мясцовых жыхароў, і разам яны не даюць Княжыцам памерці.

– На поўначы я выйшла замуж за новапалачаніна, з мужам прыехалі на яго радзіму. Было журботна назіраць, як з вёскі з’язждае моладзь, як усё вакол развальвацца. На шчасце, знайшліся аднадумцы – вырашылі ратаваць Княжыцы. Ну не хочам мы паміраць, марнець, плыць па плыні! Выбралі раду вёскі і сталі працаваць. Пачалі з прыгажосці на сваіх падворках – саджалі кветкі і дрэвы, абкошвалі двары, рамантавалі агароджы. А потым узяліся за добраўпарадкаванне вёскі.

Перш на перш паставілі паклонны крыж у цэнтры Княжыц. Грошы на яго вылучыла мясцовая гаспадарка. Было гэта пяць гадоў таму. З той пары жыццё ў вёсцы пажвавела. Крыж асвяцілі 6 жніўня. Бацюшка тады сказаў: “Цяпер кожны год у гэты дзень адзначайце свята вёскі”. І вось ужо некалькі гадоў запар у гэты дзень жыхары Княжыц ладзяць вялікае свята, на якое з’язджаюцца і старыя, і маладыя.

Пабачыўшы першыя вынікі сваёй працы, жыхары Княжыц зразумелі: разам яны – сіла. І сталі збіраць талаку ўсё часцей. Разам адрамантавалі дарогу, аднавілі клуб, які быў закінуты: і сцены былі ў дзірах, і дах… Саўгас выдаткаваў крыху дошак на рамонт, а вокны вяскоўцы паставілі самі. І ў абноўленым клубе пачалі ладзіць святы – аж да баляў-маскарадаў на Новы год!

З’яднала сялян і яшчэ адна справа – кожную вясну і восень, перад Радуніцай і Пакровам, яны прыбіраюць мясцовыя могілкі. Мужчыны паставілі на пагосце браму, абнеслі агароджай. Грошы на добраўпарадкаванне дасылалі нават тыя, хто ў вёсцы не жыве.

Старшыня Валынецкага сельсавету Надзея Ліпоўская адзначыла, што ў акрузе нідзе так не клапоцяцца пра грамадскія могілкі, як у Княжыцах:

– Тут нікому нічога казаць не трэба, людзі самі бяруць косы і ідуць касіць. І ім няважна, захаваныя тут іх родныя ці не. Тут разумеюць, што могілкі – гэта тое месца, якое заўсёды павінна быць дагледжанае, гэта нашая памяць пра продкаў. Увогуле я заўсёды стаўлю Княжыцы ў прыклад іншым вяскоўцам: “Едзьце і паглядзіце, як жывуць вашыя суседзі”. Людзі на самай справе неабыякавыя і актыўныя, у іх ёсць жаданне штосьці рабіць.

Мясцовыя майстры з падручных матэрыялаў робяць розныя фігуры і ўпрыгожваюць імі вуліцы. Жыхары ўвесь час перамагаюць на конкурсах на лепшае добраўпарадкаванне і азеляненне. Атрымалі прэмію ў 3 тысячы рублёў – як лепшая вёска на раёне. Вырашалі за гэтыя грошы адрамантаваць ганак у клубе, а яшчэ ўсталявалі каля панскай саджалкі альтанку.

Энтузіясты ў Княжыцах па крупінкам збіраюць звесткі пра мясцовую гісторыю. Усе дакументы і фота змяшчаюць у суполцы ў “Аднакласніках”. У планах вяскоўцаў – адкрыць этнаграфічны музей у колішняй краме, аднавіць панскія вінныя склепы, добраўпарадкаваць тэрыторыю вакол саджалкі.

– Мы бачым у акрузе суцэльныя могілкі і пустыя вокны ў закінутых вёсках. Гэта страшна! Таму мы не хочам дапусціць, каб такое ж адбылося з нашымі роднымі Княжыцамі. Хочам захаваць іх для нашых унукаў.

Крыніца: tut.by