Гарбузы і слімакі Новага Поля: Свята вёскі на новы лад

Якія асацыяцыі звычайна ўзнікаюць, калі вы чуеце пра свята вёскі? Чыноўнікі ў бліскучых касцюмах, псеўданародныя строі, папсовыя песні пад фанаграму? Не, не і не. Жыхары вёскі Новае Поле, што пад Мінскам, паказалі, як можа выглядаць свята вёскі, зробленае мясцовымі жыхарамі для сваіх жа аднавяскоўцаў.

Усё – ад падрыхтоўкі пляцоўкі да сцэнара свята – рабілі самі. Свята адбывалася ў парку сядзібы князёў Друцкіх-Любецкіх. Зараз парк пакінуты, але мясцовыя прывялі яго да ладу. Не таму што трэба – таму што захацелі. Самі змагаліся з хмызнякамі, аварыйнымі дрэвамі і нават шэршнямі. Кавалак занядбанага парку ператварыўся ў святочную пляцоўку.

Што было на свяце

Тэрыторыя з былымі гаражамі стала арт-зонай. Тут ляпілі з цеста і фарбавалі смаўжоў – сімвал свята. За мастацкую частку свята адказваў вядомы мастак Уладзімір Церашчук, які ўжо амаль 30 гадоў жыве ў Новым Полі.

На радасць дзецям і дарослым мясцовы ўладальнік гасцявога дома Сяргей Багрыцэвіч арганізаваў міні-заапарк з гусямі і трусамі.

А вакол – гарбузы. Іх вырошчвалі ўсёй вёскай – таксама адмыслова да свята. Тое ж са смаўжамі, якіх для цвіка праграмы – гонак – лавілі ўсім Новым Полем. Сярод 14 смаўжоў-удзельнікаў перамог №5; дыстанцыю ў адзін метр пераможца праімчаў за 10 хвілінаў.

Аматары фальклору маглі паслухаць народныя спевы і патаньчыць. Была арганізаваная выстава пра гісторыю Новага Поля. Вяскоўцы самі шукалі інфармацыю пра нашчадкаў Друцкіх-Любецкіх.

Нягледзячы на дождж, фест сабраў каля 100 чалавек. На свяце панавала вельмі хатняя і душэўная атмасфера.

Хто дапамагаў арганізаваць свята

У часе падрыхтоўкі свята арганізатары мусілі кантактаваць бадай з усімі, з кім магчыма і немагчыма. Былі перамовы з сельсаветам па ўзгадненні свята, сустрэчы з кіраўніцтвам мясцовай школы па правядзенні дзіцячых майстар-класаў, сумесная праца з жыхарамі па добраўпарадкавані тэрыторыі і нават з супрацоўнікамі МНС, каб прыбраць гняздо шэршняў. Каб знайсці рэсурсы для свята, напрыклад, драўніну і сувеніры, размаўлялі з мясцовымі фірмамі, паштовым аддзяленнем і крамамі.

Гісторыя свята

Гісторыя свята пачалася ў 2009 годзе, калі райвыканкам вылучыў надзелы для новых жыхароў Новага Поля. У вёску паехала сталічная моладзь. Такім чынам, вёска падзялілася на «мясцовых» і «прыезжых». Сярод апошніх – маладая маці Любоў Ермакова. Ёй не спадабалася, што вяскоўцы жывуць адасоблена, не кантактуюць ні з “чужымі”, ні паміж сабой. Пачаўся рух: спачатку аб’ядналася моладзь – вырашалі гаспадарчыя праблемы. Потым “пайшлі сябраваць” з мясцовымі. І, нарэшце, адбылося свята вёскі, якое стала вынікам шматгадовых зменаў у ладзе жыцця вёскі. Людзі сапраўды аб’ядналіся.

Ніна Чарнавусава, яшчэ адна арганізатарка свята, кажа, што гэта нейкі цуд. На свяце яна сустрэла людзей, з якімі не бачылася гадоў дзесяць – хоць яны і з Новага Поля. “Людзі да ініцыятывы паставіліся вельмі па-рознаму. Але склалася група людзей, якія разумеюць, што дзеля таго, каб палепшылася жыццё, трэба працаваць агульна, разам”.

Свята новага пакалення

Свята ў Новым Полі – гэта сведчанне таго, што сфармавалася генерацыя новых беларусаў, для якіх стандартны фармат “аграфестываля” чужы. Калінкі-малінкі, какошнікі, лубочная народнасць, агратрэш, якія нязменна суправаджаюць лакальныя фэсты, – нічога гэтага ў Новым Полі не было. Таму што гэтае свята рабілі без прымусу, для сваіх, для сябе.

Крыніца: Паводле haroshak.by і сацыяльных сетак
Фота: budzma.by