«Самасад»: Як зрабіць грамадскі парк у сваім раёне

Маленькія скверы на месцы пустак – мара гарадскіх актывістаў. У Кіеве экаактывісты аб’ядноўваюць раён вакол уласнаручна створанага саду. Ініцыятарка стварэння скверу Вольга Закрэўская распавядае пра тое, як і чаму яна змагаецца дзеля таго, каб ператварыць пустку ў адным з самых жывых раёнаў Кіева ў гарадскі сад, які стаў бы месцам адпачынку і сустрэч жыхароў.

– Усё пачалося пасля Майдану, калі грамадства стала пасіянарным і гатовым да супрацоўніцтва. Увосень 2014 года я стварыла ў Facebook суполку «Падаляначка». Падол – гэта раён, дзе мы жывем. Суполка хутка сябе зарэкамендавала як менавіта жывая і актыўная. Дзякуючы суполцы людзі вельмі хутка аб’ядналіся.

Паступова суполка стала вельмі дасведчанай. Людзі дзяліліся парадамі, абмяркоўвалі адно з адным розныя праблемы. Я вырашыла агучыць тут сваю даўнюю ідэю. Падчас падарожжаў я натхнілася грамадскімі садамі і прапанавала стварыць такі сад на пустцы каля метро. Потым апынулася, што пустка турбуе многіх жыхароў. Гэтая тэрыторыя па міжнароднай дамове здадзеная ў арэнду амбасадзе Расійскай Федэрацыі. Там планавалася будоўля, але мясцовыя былі супраць – і пустка засталася незабудаванай.

У часе абмеркавання прапанавалі ў якасці прыкладу Сады прынцэс у Берліне. На нашай пустцы не вельмі добрая зямля, нічога не расце, валяецца будаўнічае смецце. Нават калі мы ўсё прыбярэм – наўрад ці зможам там пасадзіць дрэвы. У Садах прынцэс былі падобныя ўмовы, і ў выніку самі сады – гэта проста скрыні з раслінамі, расстаўленыя па тэрыторыі. Нават калі нешта адбудзецца, іх можна будзе проста ўзяць і забраць з сабою, але ў іх ужо будуць расці гародніна і кветкі.

У адзін з выходных мы зладзілі нешта накшталт суботніка. Ідэю я проста напісала ў сябе на старонцы, сябры расшарылі. Я прапанавала акцыю па пасадцы раслін на пустцы і сказала, што патрэбная дапамога. Атрымаўся флэшмоб чалавек на 70: я думала, што працы будзе на месяц па выходных, а справіліся мы за адзін дзень.

Мы не пыталі ніякіх афіцыйных дазволаў для саду. У нас ёсць багаты досвед не пытацца дазволу, а проста браць і рабіць – гэта ўжо нацыянальная традыцыя.

Паступова мы зразумелі, якім важным стаў «Самасад» для будавання супольнасці. Ён робіцца грамадскай прасторай, пляцоўкай для людзей, куды ты можаш прыйсці і нешта ўвасобіць. Тут будуць праходзіць лекцыі і тэатральныя пастаноўкі, тут ужо гуляюць бацькі з дзецьмі, сустракаюцца людзі, проста п’юць каву пад вялікім дрэвам. Калі людзі бачаць, што нешта робіцца, гэта вельмі іх натхняе і павышае якасць жыцця.

Даведацца больш пра самасад можна па спасылцы