Як талакой у Аксакаўшчыне пабудавалі спартовую пляцоўку (відэа)

Марыя Дашчынская, жыхарка вёскі Аксакаўшчына, што пад Мінскам, хоча пераўтварыць сваю вёску ў лясную казку. Два гады таму Марыя стварыла ініцыятыўную группу, і за гэты час яны здолелі вырашыць шэраг важных мясцовых праблемаў. Напрыклад, яны дамагліся рамонту некалькіх дарог. Цяпер яны яшчэ самі зрабілі спартовую пляцоўку.

Перад тым, як дасылаць ідэю праекта на конкурс, Марыя размаўляла з мясцовымі ўладамі. Распавяла пра сваю ідэю пабудаваць спартовую пляцоўку, дзе планавалася зрабіць поле для футбола і баскетбола, а таксама паставіць турнікі для воркаўта. Здаецца, мясцовыя ўлады ідэю таксама ўпадабалі. Але калі Марыя пазней паведаміла, што праект падтрыманы, – радасці гэтая навіна не выклікала.

Вяскоўцам давялося рабіць усё сваімі сіламі. Але, здаецца, гэта іх не спалохала, а наадварот, аб’яднала. Мясцовыя жыхары з задавальненнем удзельнічалі ў талацэ. Дарослыя, сталыя, дзеці дапамагалі, хто чым мог. Хтосьці раўняў зямлю, хтосьці ўсталёўваў агароджу і абсталяванне, хтосьці гатаваў ежу, каб накарміць памочнікаў. Зразумела, што далёка не ўсе жыхары ўдзельнічалі. Большасць, як гэта часта бывае, толькі назіралі. Але дзякуючы намаганням тых, хто дапамагаў, справа ўжо паспяхова зроблена і жыхары Аксакаўшчыны могуць бавіць свой час з карысцю для ўласнага здароўя.

Распавядае Марыя Дашчынская:
– Калі прыехала новая кіраўніца ЖЭУ Кацярына Аляксандраўна і на свае вочы пабачыла, якую пляцоўку мы зрабілі, – мяркую, што гэта быў той момант, калі змянілася стаўленне мясцовых уладаў. І тады яны дапамаглі з лаўкамі, скрынямі для смецця і машынай пяску. Магчыма ўсё – трэба толькі захацець і добра прадумаць, як гэта зрабіць.

Крыніца: belsat.eu