Чаму затрымлівалася будаўніцтва спартыўнай пляцоўкі ў Аксакаўшчыне

Летам 2017 года жыхарка вёскі Аксакаўшчына (Мінскі раён) Марыя Дашчынская атрымала грант на добраўпарадкаванне спартыўнай пляцоўкі. У прыватнасці, планавалася зрабіць поле для футбола і баскетбола, валейбольную пляцоўку, паставіць тэнісны стол і турнікі для воркаўта. Меркавалася, што ўсё зробяць самі жыхары з дапамогай мясцовых органаў улады.

– Я разлічвала, што далучацца жыхары Аксакаўшчыны. Калі ім паказаць – вось, глядзіце, усё магчыма, грошы знайсьці, улады зацікавіць і сумесна усё зрабіць. Я і праект з гэтай мэтай стварала, таму яго і падтрымалі. Хацела паказаць прыклад, што можна прыцягваць сродкі і ў іншыя вёскі.

Марыя праінфармавала мясцовы сельсавет аб тым, што знайшла грошы для спартыўнай пляцоўкі, аднак дапамогі, на жаль, ніякай не атрымала. Сваю пазіцыю сельсавет аргументаваў тым, што прыдамавая тэрыторыя знаходзіцца на балансе камунальнага прадпрыемства “Жылішчнік Міншчыны”. Пасля звароту да іх Марыя атрымала ўзгадненне на добраўпарадкаванне спартыўнай пляцоўкі. У лісце камунальнікі адказалі, што пасля ўводу ў эксплуатацыю гатовыя абслугоўваць новы аб’ект.

Аднак узнікла яшчэ адна складанасць – для таго, каб размясціць спартыўныя аб’екты на запланаваным месцы, трэба вырубіць 14 соснаў. Знайсці іншую тэрыторыю для пляцоўкі немагчыма – вакол лес. Сосны лічацца за прадамавой тэрыторыяй, але рашэнне аб іх вырубцы і кампенсацыйных пасадках прымае старшыня сельсавета. Прыбраць дрэвы гатовы “Жылішчнік Міншчыны”, але працу там не жадаюць пачынаць, пакуль з іх не здымуць абавязкі па пасадцы новых дрэваў.

Старшыня Горанскага сельсавета Іван Чудакоў адмаўляецца прымаць удзел у будаўніцтве пляцоўкі:

– Гэта тэрыторыя ЖКГ, таму толькі яна можа ўзяць пляцоўку на баланс. Калі Марыя да мяне звярталася, я ёй сказаў, што грошай няма. Калі б была праграма, якая прадугледжвае фінансаванне, то мы б усё рабілі, як мае быць. Я, канечне, вітаю будаўніцтва спартыўнай пляцоўкі, але толькі законным шляхам. А яна хоча ўсё чужымі рукамі зрабіць. Няхай самі пабудуюць, а потом перададуць на баланс ЖКГ.

Нядаўна ў Аксакаўшчыну прыязджала чарговая дэлегацыя прадстаўнікоў улады. На месцы будучай спартыўнай пляцоўкі сабраліся старшыня сельсавета, прадстаўнікі райвыканкама, аблвыканкама і камунальных службаў. Пра штосьці канкрэтнае дамовіцца так і не атрымалася. У дапамозе ніхто не адмовіў, але з’явіўся шэраг прычын, чаму гэта цяжка зрабіць. Цяпер асноўны аргумент – няма праектнай дакументацыі для пляцоўкі, толькі схема, намаляваная ад рукі. Па словах Марыі, для добраўпарадкавання прыдамавой тэрыторыі праект не патрэбны.

Пры напісанні заяўкі на грант, Марыя Дашчынская разлічвала на зацікаўленасць, дапамогу і ўдзел з боку мясцовых органаў улады, у прыватнасці, у падрыхтоўцы пляцоўкі і мантажы абсталявання, таму гэтыя працы не былі ўключаныя ў смету. Таксама як і распрацоўка праектнай дакументацыі.

Калі Марыя бралася за праект, яна не чакала, што будзе столькі складанасцей. На рэалізацыю адведзена 5 месяцаў, тэрмін сканчаецца ў студзені. Пакуль жа ідуць толькі спрэчкі.

Крыніца: Беларусь Сегодня