Як архітэктары стварылі незвычайную дзіцячую пляцоўку

Антон Верамяюк і Дзмітры Сушкоў, маладыя амбітныя архітэктары з Брэсту, стварылі незвычайны праект дзіцячай пляцоўкі – скаладром у выглядзе мядзведзя. Хлопцы ўпэўненыя: змяняючы сумныя двары, яны могуць выцягнуць і дзяцей, і дарослых з бетонных шматкватэрнікаў на вуліцу.

Як правіла, у дварах шматкватэрных дамоў і на дзіцячых пляцоўках даўно нічога не мянялася. У людзей не ўзнікае жадання выбрацца са сваёй кватэры ў двор. Дзіма і Антон хочуць прынесці новыя дызайнерскія рашэнні ў двары шматпавярховых дамоў, дзіцячыя садкі, грамадскія прасторы горада і спадзяюцца, што такім чынам яны змогуць матываваць людзей праводзіць больш часу на вуліцы.

Дзіма Сушкоў:
– Мы хочам выцягнуць людзей на вуліцу і аб’яднаць іх на дзіцячых пляцоўках: дзеці прыйдуць сюды гуляць, а там, глядзі, і пацягнуць следам сваіх бацькоў.

Працу над праектам сябры пачалі яшчэ ў лістападзе 2016 года. У той час дзіцячая пляцоўка ўяўляла сабой віхурную варонку ў выглядзе горкі. Пад час творчага пошуку выбралі найбольш просты для вырабу варыянт – скаладром у выглядзе мядзведзя. Гэтае рашэнне не было выпадковым – архітэктары-энтузіясты самі любяць палазіць і не па чутках ведаюць, што такі від спорту выдатна развівае – дзіцяці патрэбна спланаваць свае дзеянні, каб дабрацца да вяршыні “мядзведзя”.

Са сваёй ідэяй хлопцы пайшлі на конкурс Social Weekend, які стаўся штуршком да развіцця і хуткага ажыццяўлення праекта, а таксама першым крокам на шляху да масавай вытворчасці. Для таго, каб гэта стала магчымым, сябры правялі сертыфікацыю “мядзведзя” на адпаведнасць дзяржаўным тэхнічным нарматыўным актам і атрымалі запаветны дакумент.

Першапачаткова плануецца вырабіць тры тэставыя канструкцыі і размясціць іх у Брэсце. Ідэя маладых інжынераў знайшла паразуменне і ў мясцовых уладаў – усе інстанцыі з цікавасцю і добразычлівасцю сустрэлі ініцыятыву. Галоўны архітэктар горада дапамог вызначыць пляцоўкі для рэалізацыі праекта.

Дзіма Сушкоў:
– Што датычыцца псавання маёмасці, то ўсе мы ведаем пра эфект “разбітых вокнаў”. Калі аб’ект выглядае панура, то людзі робяць яго яшчэ больш панурым. Калі ж рэч прыгожая, то на падсвядомым узроўні чалавеку не хочацца займацца шкодніцтвам. Да таго ж мы выкарыстоўваем матэрыялы, устойлівыя да розных пашкоджанняў і прыродных катаклізмаў.

Крыніца: BINKL.by і ўласная інфармацыя